100 гадоў з дня нараджэння Рымы Іванаўны Шаршнёвай

Учора мы адзначалі стагоддзе з дня нараджэння Рымы Іванаўны Шаршнёвай - выдатнай дабрушанкі, якая нарадзілася 28 ліпеня 1925 гады ў нашым горадзе. Бацька Рымы, Іван Іванавіч - удзельнік грамадзянскай вайны, працаваў у лясніцтве, а маці, Лідзія Васільеўна, выхоўвала дачок, Рыму і Алу. У 1933 годзе сям'я пераехала ў Менск. Рыма вучылася ў 25-й школе імя Чарвякова. Яна была выдатніцай, здольнай і не па гадах сур'ёзнай, марыла паступіць ва ўніверсітэт і скончыць два факультэты: гістарычны і матэматычны. Па выходных замест кіно хадзіла ў цір на заняткі стралковага гуртка, двойчы перамагала на спаборніцтвах.

У 1941 годзе Рыма скончыла 9 класаў. Грымнула Вялікая Айчынная вайна. Бацька пайшоў на фронт, а Рыма з маці і сёстрамі эвакуіравалася ў сяло Тоцкае Арэнбургскай (Чкалаўскай) вобласці. Рыма вучылася ў 10-м класе, уступіла ў камсамол, дапамагала калгаснікам на ўборцы ўраджаю.

Дзяўчына, тым не менш, прасілася на фронт, але ў ваенкамаце адмовілі: маладая яшчэ. Тады яна звярнулася ў ЦК УЛКСМ. Яе выклікалі ў Маскву. Яна з'ехала 1 чэрвеня 1942 гады на другі дзень пасля атрымання атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы. У Маскве Рыма вучылася ў спецыяльнай разведшколе асновам баявой падрыхтоўкі, падрыўной справе, асаблівасцям партызанскай барацьбы ў тыле ворага. Неўзабаве мара дзяўчыны здзейснілася - яе залічылі ў спецатрад імя Мікалая Гастэлы для закіду ў тыл ворага.

25 лістапада 1942 гады брыгада Розава, у якой ваяваў атрад ім. Гастэлы, атрымала загад разграміць буйны нямецкі гарнізон у Беларусі. Гарнізон знаходзіўся ў вёсцы Ламавічы Светлагорскага раёна. Фашысты пабудавалі магутныя ўмацаванні - роў, калючы дрот, дзоты і доты. Для большай бяспекі яны спалілі навакольныя вёскі.

У назначаны час, групы партызан занялі свае пазіцыі. Атака пачалася па сігнале. У паветры пачуўся грукат кулямётаў і аўтаматаў. Партызаны паспяхова блакіравалі 6 варожых дзотаў, але сёмы дзот не змаўкаў. Партызаны падпаўзалі да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Пад суцэльным агнём дзяўчына паўзла ўслед за камандзірам. Раптам яна спатыкнулася аб яго параненае цела. Рыма разарвала кашулю i спехам перавязала рану. А потым паднялася ва ўвесь рост і пабегла да дзота. Прабегшы 15-20 метраў, яна ўпала на снег і зноў папаўзла. Затым ускочыла і кінула наперад гранату. А яшчэ праз хвіліну кінулася на амбразуру дзота, і фашысцкі кулямёт змоўк. Партызаны кінуліся наперад. Дрот быў узяты, фашысты знішчаны. Рыма сплывала крывёю. Яе прывезлі на базу. Неабходна было тэрміновае пераліванне крыві. Донарам гатовы быў стаць кожны, але патрэбнага медыцынскага абсталявання ў лесе не было.

Дабрушанка памерла ў 18 гадзін 30 хвілін 6 снежня 1942 года, партызанскі лекар нічым не змог дапамагчы - у дзявочым целе больш за дзесятак кулявых ран.

Пахавалі яе з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў вёсцы Жывунь Любанскага раёна Мінскай вобласці. За адвагу і гераізм Шаршнёва была пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

31