Скарынаўскія дні – 2025

16 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання прайшлі Скарынаўскія дні. Штогод у Полацку ў рамках гэтых дзён праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы ў гонар Францыска Скарыны. Удзельнікі спаборнічаюць у інтэлектуальных і творчых конкурсах і далучаюцца да гістарычнай і культурнай спадчыны старажытнага горада.

Сёлета на базе Музея беларускага кнігадрукавання для вучняў полацкіх школ былі праведзены музейныя урокі. Калектыў сярэдняй школы № 8 арганізаваў віктарыну «Ад Полацка пачаўся свет!». Вучні, падзеленыя на дзве каманды, адказвалі на пытанні па гісторыі Полацка. Згадалі і Полацкае княства, і часы ВКЛ, і гады Вялікай Айчыннай вайны. Пытанні віктарыны былі багата ілюстраваны выявамі полацкіх славутасцей.

У Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага для вучняў сярэдняй школы № 14 прайшоў урок, на якім дзеці ўзгадалі творы пісьменства Беларусі. Галоўнай тэмай уроку стаў уплыў дзейнасці Францыска Скарыны на полацкую гісторыю. Удзельнікі адказвалі на пытанні, чыталі вершы і падрыхтаваныя даклады пра полацкіх асветнікаў.

На мерапрыемствах прысутнічалі госці з расійскіх гарадоў Яраслаўль і Малаяраславец, якія ў рамках Скарынаўскіх дзён наведалі музеі, школы і дзіцячыя сады Полацка.

91